16 мая 2024, 08:32
rubeen
logo

Краснопольский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213561, г.п.Краснополье, Ленинская, 1
Приемная: 8 (02238) 7-99-60
E-mail: kras_priem@krasnopolie.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Прызнанні ў любові да мовы і радзімы

Конкурс «Пра цябе, родны краю, спяваю» адбыўся на Краснапольшчыне да Дня беларускага пісьменства. Яго вынікі былі падведзены ў метадычна-творчай гасцёўні, якая ладзілася ў РЦК 3 верасня.

Шчырымі і пранікнёнымі, удумлівымі і творчымі аказаліся прызнанні ў любові да роднай зямлі, краіны, мовы ўдзельнікаў гэтага літаратурнага конкурсу. Ён быў ініцыяваны народным паэтычным аб’яднаннем «Світанак» (кіраўнік В. Марчанка) і быў падтрыманы аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама.

Праз гэты конкурс, прысвечаны Году малой радзімы і Дню беларускага пісьменства, у кожнага дарослага і маленькага жыхара раёна была магчымасць паказаць багацці Беларусі і сваёй Краснапольшчыны — прыродныя, культурна-гістарычныя, моўныя і інш. Была магчымасць далучыцца да літаратурнай творчасці, аддаць даніну павагі беларускім асветнікам, паказаць прыгажосць беларускай мовы і прыгажосць сваіх пачуццяў. Прапаноўвалася 2 тэматычныя намінацыі: «Мова беларуская мая», «Люблю цябе, Белая Русь».

На конкурс паступіла 16 твораў. Большасць з іх — у намінацыі «Люблю цябе, Белая Русь». Паэтычныя творы, эсэ, нарысы на беларускай мове замілоўваюць шчырымі пачуццямі, роздумам, асэнсаваннем рэчаіснасці жыцця і асаблівасцей сваёй Радзімы — гістарычных, культурных, традыцыйных.

Сваёй творчасцю падзяліліся, як сталыя творцы, так і тыя, хто толькі спрабуе сябе ў ёй, самаму малодшаму ўдзельніку — 12 год.

У кожнага з творцаў — свае прычыны любіць гэту зямлю, свае вынашаныя ў душы трапныя словы, свае сродкі выразнасці і асаблівасці твораў.

У Галіны Каваленка родны край вызывае шмат эмоцый і пачуццяў. Яе вершы — з вялікай колькасцю клічнікаў. І разам з тым адчуваецца, што аўтар углядаецца ў сваю зямлю да драбніц, таму бачыць і слязінкі расы, і сінь чабору, і буслянку каля хаты. Чуе і шчэбет птушак, і шум бароў. І ўсё гэта для яе — самае дарагое, усё гэта яна і лічыць сваім багаццем.

Край мой родны! Водар мяты,
Сінь чабору, рэчка, гай,
І буслянка каля хаты...
Гэта ўсё мой родны край!

Такой жа цеплынёй дыхаюць і радкі вершаў Валянціны Марчанка, якая для конкурсу напісала іх некалькі.

У адным з твораў паэтка прызнаецца, што прад роднай зямлёй яна схіляецца ў глыбокім паклоне, бо тут жывуць яе землякі, у якіх меладычныя песні, працавітыя рукі, валасы ільняныя і вачэй чысціня. Яна з любоўю апісвае палі і разлогі, жытнёвае поле, дзе заблукаў задуменны васілёк, і ўплятае свой голас у песні роднай зямлі — імкнецца пасеяць на ёй хоць жменьку паэтычных радкоў. І гэта добра ў яе атрымоўваецца.

Прарастайце вы, гукі, і, словы, ляціце,
Уплятайцеся ў песні ад роднай зямлі.
Ты натхненне маё, і праменне, і сіла,
Слаўся, край краснапольскі, дзе пяюць салаўі!

За трывалыя сувязі з зямлёй, працавітасць хваліць у сваёй конкурснай рабоце беларусаў Дзяніс Кустаў і лічыць Беларусь краінай, лепш якой няма.

Канкрэтныя ўмовы жыцця ў Краснаполлі, жыццё і дзейнасць у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў, якое яна наведвае, апісвае у сваім эсэ Дар’я Храмко і пытаецца, як жа можна не любіць яе — Краснапольшчыну і Беларусь. Дар’я прызнаецца, што яна ганарыцца тым, што з’яўляецца грамадзянкай Беларусі. А словы «Беларусь», «Радзіма», «Любая старонка» напоўнены для яе гонарам і цеплынёй.

Захапленне краявідамі роднай зямлі, выказванне павагі да сваіх працавітых землякоў, разуменне, што радзіма ў чалаека адна, — усе гэтыя прызнанні можна знайсці ў творы дзяўчынкі Валерыі Андрыянавай.

Такой цеплынёй дыхаюць радкі і іншых удзельнікаў конкурсу.

Нямала новых твораў патрапіла на конкурс у намінацыі «Мова беларуская мая», дзе канкурсанты прызнаваліся мове ў любові, ацэньвалі яе значнасць і асаблівасці, любаваліся яе мілагучнасцю.

Для Дзяніса Кустава няма прыгажэй ні словаў, ні гукаў, чым беларускія.

Галіна ж Яўсеенка прапанавала на беларускай мове паэтычныя вершаваныя замалёўкі пра восень. Як жа мілагучна гучаць яе радкі, нясуць прыгажосць беларускай мовы, якую, на жаль, так рэдка чуеш у паўсядзённым жыцці. Паспрабуйце прачытаць іх — вы абавязкова пачуеце шапаценне лістоты і дыханне вятроў.

Адцвітаюць восеньскія кветкі
З першымі халоднымі вятрамі.
Апусцелі сумныя палеткі,
Шамаціць лістота пад нагамі...

Ірына Козічава перажывае, што на беларускай мове размаўляюць вельмі мала, а ёй так хацелася б, каб кожны адчуў густ роднай мовы, каб паўсюдна гучалі вершы Коласа, Купалы, якія праславілі сваёй творчасцю Беларусь.

На беларускай мове размаўляюць вельмі мала!
Гавораць: простая, мужыцкая яна.
Аднак жа колькі хараства ў ёй назаткана:
Пачуеш слова — захапляецца душа!

Творы В. Марчанка, прысвечаныя мове, раскрываюць старонкі яе гісторыі, адзначаюць яе рысы і напоўнены замілаваннем мовай бацькоў — пявучай, непаўторна-адзінай, цёплай для сэрца і слыху. Аўтар упэўнена ў неўміручасці беларускай мовы, заклікае да яе захавання і сама на справе шмат чаго робіць для жыцця роднай мовы.

Захавай праз вякі для патомкаў далёкіх
Мову роднай зямлі, той, дзе бусел-лялёка
Распластаў над жніўём свае белыя крылы,
Той, дзе водар палёў, дзе жыву я шчаслівай.

Журы ацаніла конкурсныя работы наступным чынам: у намінацыі «Люблю цябе, Белая Русь» дыпломам 1 ступені адзначана В. Марчанка, 2 ступені — Г. Каваленка, 3 ступені — Д. Храмко, В. Андрыянава, Д. Кустаў; у намінацыі «Мова беларуская мая» дыпломам 1 ступені адзначана В. Марчанка, дыпломам 2 ступені — Г. Яўсеенка, дыпломам 3 ступені — І. Козічава.

Кожны з нас носіць у сваім сэрцы пачуццё любові да вялікай і малой радзімы, павагі да гераічнага і працоўнага мінулага і сённяшняга часу, гонару за багатую культурную спадчыну, сярод якой галоўнае дасягненне і каштоўнасць беларусаў — родная беларуская мова.

Конкурс пацвярдзіў, што і на нашай малой радзіме жывуць цудоўныя і творчыя людзі, якія захоўваюць традыцыі, шануюць і берагуць культурную і гістарычную спадчыну свайго народа, імкнуцца да творчасці і развіцця сваіх здольнасцяў.

В. Аляксандрава

© 2013-2023
Краснопольский районный исполнительный комитет
Официальный сайт