16 мая 2024, 17:57
rubeen
logo

Краснопольский

районный исполнительный комитет

официальный сайт

213561, г.п.Краснополье, Ленинская, 1
Приемная: 8 (02238) 7-99-60
E-mail: kras_priem@krasnopolie.gov.by
Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Голас роднай зямлi

Нястомнай носьбіткай фальклорнай песеннай спадчыны краснапольскай зямлі з’яўляецца В.П.Картузова, салістка народнага фальклорнага ансамбля “Горскія харашухі”, для якой пачатак сакавіцкіх дзён у гэтым годзе стаў адметнай з’явай жыцця – Вера Пятроўна дасягнула свайго 80-годдзя! З чым мы яе і віншуем!

Фальклор – гэта прыгожая культурная спадчына дзядоў і прадзедаў, якая нямала дае душы чалавека, калі ён сапраўдны сын свайго народа, сваёй зямлі.

Ва ўсіх жанрах фальклору – глыбіня народнай мудрасці і высокай паэзіі, святло душы працоўнага люду, жыццёвая сіла і хараство мовы.

У вясковым асяроддзі і сёння можна знайсці ўзоры гэтай традыцыйнай народнай творчасці, бо жывуць там яе носьбіты, якія і захоўваюць непаўторную ўнікальнасць роднай спадчыны.
 Адной з такіх адданых беларускай песеннай спадчыне асоб з'яўляецца Вера Пятроўна Картузова.

Як вы думаеце, дзе яе давялося “спаймаць” напярэдадні дня нараджэння? Канешне, на раённым творчым мерапрыемстве, у гасцёўні “Не адракуся спадчыны сваёй”, дзе яна дарыла гледачам прыгажосць вясновых абрадавых спеваў.

У канцы 2019 года разам з народным фальклорным ансамблем “Горскія харашухі” Вера Пятроўна адзначыла 30-гадовы шлях творчага жыцця ў саставе гэтага ўнікальнага калектыва, які захоўвае фальклорна-этнаграфічны комплекс малой радзімы. Гэта заслугоўвае глыбокай павагі – так любіць родную мову, традыцыі продкаў, адчуваць іх хараство, беражліва і з гонарам захоўваць, каб перадаць нашчадкам!

В.П. Картузова – спявачка ўнікальная, бо надзейна захавала асаблівасці песеннай спадчыны роднай зямлі, безліч унікальных твораў вусна-паэтычнай творчасці сваіх продкаў і надзейна гэты скарб захоўвае. Яго таямніцы яна асцярожна раскрывае і перадае сваім сяброўкам па творчасці – спявачкам ансабля “Горскія харашухі”, бо бачыць у іх такіх жа ўлюблёных і апантаных асоб, прыхільнікаў народнай творчасці. Песень Вера Пятроўна помніць безліч. І кожны твор – сапраўдная жамчужына краю. У сівую даўніну паглыбляешся ты, калі слухаеш такія песні, як “Вутачка на моры купалася”, “Як паехаў мой мілы ў дарогу”, “Ой, цёмная ночачка”, “Ой, пара да двара”, “Наступае восень халодная”, “У садзе груша расла” і інш.
Значная частка рэпертуару “Горскіх харашух” – гэта песні, перанятыя з вуснаў Пятроўны.
 Гэтыя песні нястомныя “Харашухі” спявалі ў Мінску і Магілёве, Бабруйску, Быхаве, Слаўгарадзе, Шклове, Касцюковічах, Хоцімску, Александрыі, Дрыбіне, Мсціслаўлі, Крычаве, Круглым, Чэрыкаве і іншых гарадах і вёсачках Беларусі, спявалі ў Расійскай Федэрацыі. На рахунку ўзнагарод калектыва шмат узнагарод рознага кшталту – ад лаўрэатаў Рэспубліканскага фестывалю да ўзнагарод пераможцаў абласных, рэгіянальных конкурсаў і фестываляў. Сярод апошніх узнагарод – Ганаровая грамата Упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама.

Ансамбль “Горскія харашухі” – пастаянны ўдзельнік Міжнароднага форуму “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс развіцця грамадства”, што праходзіць на Магілёўшчыне.
 І, канешне, трэба адзначыць, што непаўторнасць і каларытнасць гучанню ансамбля ва многім надае і непаўторная манера спявання В.П. Картузовай і яе глыбокі, сакавіты, гучны і чысты голас.

Хочацца пажадаць, каб гэты голас яшчэ доўга-доўга гучаў, наталяў нашы душы спагадай, чысцінёй і любоўю да ўсяго добрага і светлага, бо гэта голас роднай зямлі.

 



 

В. Марчанка.

© 2013-2023
Краснопольский районный исполнительный комитет
Официальный сайт