Менавіта такі незайздросны лёс напаткаў і вёсачку ў Мхініцкім сельскім Савеце з паэтычнай назвай Журавы. (Дарэчы, па словах вяскоўцаў, працэнтаў шэсцьдесят мясцовых прозвішчаў зыходзіць з назвы вёскі — Жоравы). Быццам тая прыгожая і велічная птушка журавель, жораў, па найменню якой была дадзена назва населенаму пункту, каб магла, паднялася б вёска ў неба і паляцела разам са сваімі жыхарамі падалей ад гэтых сумных месцаў, густа пасыпаных чарнобыльскім стронцыем ды цэзіем. Але вёска не птушка, крылаў не мае. Апусцелая і пакінутая, але жывая душой, бы родная маці з бацькоўскага гнязда, адпусціла яна сваіх дзяцей у пошуках лепшай долі.
Шукалі яе жураўцы ў іншых мясцінах. Хтосьці знайшоў, а камусьці і сёння прыходзяць у снах мілыя сэрцу краявіды, навяваючы самоту ды тугу. Раскідала чарнобыльская навала аднавяскоўцаў па малых і вялікіх гарадах і сельскіх населеных пунктах па ўсёй Беларусі. У Гомелі, Магілёве, Мінску, Дрыбіне, Краснаполлі, Глуску знайшлі сабе працу і жытло. Толькі родная вёска памятае пра кожнага. І чамусьці ўсё часцей так шчыміць сэрца па той сцяжынцы за акном, па роднай хаце і кузні пры дарозе, што хочацца хоць на хвілінку апынуцца ў Журавах, каб наталіць смагу па роднай зямлі, зямлі сваіх продкаў.
Гадоў восем ці дзевяць назад дадумаліся аднавяскоўцы з усіх віроў з’язджацца ў родныя мясціны. І калі ўжо жыць на параненай Чарнобылем зямлі небяспечна, то хоць раз у год адвесці душу на Радзіме, пагаварыць з суседзямі, пахадзіць па мілых сэрцу зарослых хмызняком вуліцах, прытуліцца да родных бяроз.
— Канешне, сустракаліся адзін з адным мы і раней, калі прыязджалі на Радаўніцу, — расказвае адзін з галоўных ініцыятараў і арганізатараў штогадовых сустрэч жураўцаў на малой радзіме У.М. Жораў. — Але ў дзень памінак кожнаму хочацца пабыць на родных магілах, як кажуць, аддаць даніну павагі сваім блізкім, якіх ужо няма сярод жывых. Таму і вырашылі выбраць такую дату, якая ў дачарнобыльскія гады яднала і прываблівала. Такім аказаўся Іванаў дзень.
Па словах Уладзіміра Мікалаевіча, усведамленне неабходнасці такіх сустрэч прыйшло не адразу. Колькі гадоў спатрэбілася, каб і сэрцам, і розумам дайсці да гэткай высновы. Пэўна, павінен быў прайсці нейкі адрэзак часу для асэнсавання роднасці і еднасці ўсіх, хто жыў калісьці ў гэтых мясцінах. І няхай раскідаў іх лёс па розных гарадах ці сельскіх населеных пунктах, ім ёсць аб чым пагаварыць, ёсць што ўспомніць і паведаць адзін аднаму, таму што яны — родныя людзі — аднавяскоўцы.
З тае пары і пачалі былыя жыхары Журавоў сазваньвацца ды дамаўляцца, хто з кім, як і калі прыедзе ў родныя мясціны.
...І ажыла пакінутая вёска. Быццам нявеста перад спатканнем з каханым, каторы год чакае яна запаветнага 6 ліпеня, чакае, каб кожным лісточкам, кожнай кветачкай ды травінкай, народжанай у родных мясцінах, абняць, прытуліць да грудзей матухны-зямлі сваіх дзяцей. Зразумелымі цяпер здаюцца і старэйшаму, і маладому пакаленню вяскоўцаў натужлівыя старадаўнія песні тых, хто жыў на чужбіне, бо на роднай старонцы і сонца ярчэй свеціць, і жаўрукі пяюць весялей, і вада крынічная смачней.
Здаецца, толькі павекі прыкрыеш — вось ён, родны куточак, перад вачыма. Незадоўга да адсялення тут заставалася 56 дамоў. Вунь там была пачатковая школа, за ёй стаялі брыгадная майстэрня, памяшканні фермы, цялятнік, гумно, саўгасныя склады. А пры дарозе — кузня. Тое таямніча-прыцягальнае месца, што вабіла дзятву. Жарон з кузні сёння ляжыць на ўездзе ў вёску як напамінак аб працавітых ды гаспадарлівых людзях Журавоў.
А якія базары ладзіліся ў гэтых масцінах! Недалёка, у суседніх Мхінічах, усяго кіламетры тры ад Журавоў. З Гомельшчыны, з Браншчыны прыязджалі. Шаша побач з Журавамі гудзела ад машын, падвод і людзей. Не паспеюць патухнуць купальскія вогнішчы, як на досвітку гадзін з 4 распачынала сваю дзею шчымліва-радасная з’ява сялянскага жыцця — базар.
— Базар пачынаўся ад Мхініцкай крынічкі ў бок аптэкі, — успамінае Уладзімір Мікалаевіч. — І ў асноўным цягнуўся ў бок Свярбілаўкі (п.Перамога). А ўніз да маста стаялі коні, машыны.
Мы ж з вечара пачыналі вогнішча паліць. Бывала, што і дровы ў кагосьці раскідвалі ці калітку здымалі. Але не са злобы. А ўранні ішлі паглядзець, чаго яшчэ набедакурыла і наша, і іншыя кампаніі.
Каля трыццаці жураўцаў сабраліся на вёсцы на Івана Купалу сёлета. Можна было назіраць, як на ўездзе ў населены пункт, акурат перад паклонным крыжом з іконай Маці Божай, супыняліся машыны. Вяскоўцы, якія выходзілі з іх, кідаліся насустрач адзін да аднаго, каб абняцца ды пацалавацца. Быццам гэта не насельнікі адной вёскі сабраліся, а людзі, звязаныя кроўнай роднасцю. І не падуладны гэтыя роднасныя сувязі ні Чарнобылю, ні часу.
— Дужа дружныя былі гэтыя суседнія вёскі, — успамінае дачарнобыльскае жыццё жыхарка в. Буглаі Ала Калініч, якая таксама прыехала сустрэцца з сябрамі, хоць сама і не жураўская. — І цяпер сябруюць. Збіраюцца кожны год 6 і 7 ліпеня.
Краснапальчане Н.М. Шарахоўская, М.І. Заіка, В.М. Палеенка таксама з гэтых месц. Нехта да Чарнобыльскай аварыі жыў у Завадку, нехта ў Журавах. З тае пары, калі ў 1976 годзе абодва населеныя пункты зліліся ў адзін пад назвай Завадок, усе яны лічаць сябе аднавяскоўцамі.
Сёння самаму старэйшаму жыхару Журавоў М.Л. Маторыну 94 гады. Жыве ў Гомелі. Вельмі ўжо хацеў Мікалай Лявонавіч прыехаць у родны куток, ды дочкі не пусцілі. Усё ж такі салідны ўзрост. А колькі год самаму малодшаму жураўцу, як падлічыць? Калі мець на ўвазе год Чарнобыльскай аварыі, то колішнія дзеці цяпер сталыя людзі. Абзавяліся сем’ямі. Як У.М. Жораў, прыязджаюць на малую радзіму з жонкамі, сынамі ды нявесткамі. Калі весці гаворку пра немаўлят, якія нарадзіліся ў тым жа Глуску ці Магілёве, то і яны жураўскія, бо карані іх роду адсюль, з Журавоў.
Немаладога ўзросту і ўражэнка гэтых мясцін Т.І. Карнеенка. Спачатку разам з мужам паехала да дачкі на Віцебшчыну. Але потым вярнулася ў наш раён, дзе ў агр. Тур’я ёй выдзелілі калгасны дом. Працавала ў саўгасе «Завадоцкі» на свінарніку, а затым даяркай на Клясінскай ферме. Зараз на пенсіі.
— Прыязджаю сюды часта. Прыеду, наплачуся, тады ўязджаю, — распавядае Таццяна Ігнатаўна і дадае: — Аддалі б мне маю хату...
Апошнія словы жанчыны заміраюць на вуснах, а на вачах наварочваюцца слёзы. Што сёння яны, жураўцы, могуць зрабіць для роднай вёскі? Наўрад ці ўзрадзіцца ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі жыццё ў гэтых маляўнічых мясцінах. Ці ёсць у тым сэнс? Але ж пакінуць памяць аб любым сэрцу куточку Краснапольшчыны насельнікі чарнобыльскай вёскі палічылі сваім абавязкам. Сабраліся, параіліся і ўстанавілі сёлета на Купалле памятны камень с таблічкай. А на ёй выгравіраваны надпіс: «д. Журавы. Ты прости, что тебя мы оставили... Отселена в 2002 г.» На таблічцы крыж ды анёлы — нябесныя ахоўнікі вёскі, якую ўжо немагчыма зберагчы.
На цырымоніі адкрыцця памятнага камня гучалі словы той жа песні. Гучалі так жаласліва і пранікнёна, быццам не аўтар, а самі людзі склалі гэтыя вершаваныя радкі і просяць прабачэння ў малой радзімы, што не дала ім радыяцыя застацца ў Журавах назаўсёды.
Як сведчаць архіўныя крыніцы, вайна забрала з вёскі 22 яе насельнікаў. Чарнобыль прымусіў пакінуць вёску ўсіх, хто ў ёй пражываў.
Нямала цёплых, пранікнёных слоў пра сілу прыцягнення малой радзімы, яднанне, духоўную роднасць, сувязі добрасуседства, асобыя пачуцці да мілага сэрцу куточка зямлі гаварылі ў той дзень старшыня раённага Савета дэпутатаў А.А. Гоман, старшыня Мхініцкага сельскага Савета А.В. Шпунтава, запрошаныя на цырымонію адкрыцця памятнага камня, жыхары Журавоў У.М. Жораў і М.І. Заіка. Сутнасць усіх прамоў звадзілася да аднаго: трэба так любіць сваю малую радзіму, каб гэтая любоў перадалася іншым. Не толькі жыхарам чарнобыльскіх вёсак, а тым, каму жыць на гэтай зямлі пасля нас. Жыць, любіць і бараніць родныя мясціны ад любой бяды, так, як рабілі гэта нашы бацькі, дзяды ды прадзеды.
Тамара БРАТАЧКІНА
Фота Аляксандра ДАНЧАНКІ